Меню сайта |
|
|
Категории раздела |
|
|
Статистика |
Онлайн всего: 1 Гостей: 1 Пользователей: 0 |
|
Форма входа |
|
|
|
Главная » 2012 » Май » 4 » Наста Някрасава: "Расказваць пра Беларусь - місія ўсіх, хто жыве за яе межамі"
15:08 Наста Някрасава: "Расказваць пра Беларусь - місія ўсіх, хто жыве за яе межамі" |
Доўгі час Наста Някрасава марыла пра сустрэчу з гэтым чалавекам. Яна чула, што ён, як пустэльнік, пасяліўся дзесьці на хутары, жыве ў адзіноце, усё гэтак жа адданы сваёй справе: рэстаўруе музычныя інструменты, грае на іх пасярод паляны і час ад часу прымае сваіх вучняў. Якім жа было яе здзіўленне, калі "Будзьма" арганізавала доўгачаканую сустрэчу з гуру беларускай культуры, з Алесем Ласём - музыкам, які грае на неймавернай колькасці інструментаў, рэстаўратарам, мастаком, даследчыкам беларускай народнай музыкі. Іх гутарка доўжылася бясконца: у нейкі момант дыктафон зламаўся, не вытрымаўшы канцэнтрацыі вузкаспецыялізаваных музычных тэрмінаў, а Наста і Алесь усё абмяркоўвалі розныя тэхнікі ігры на цымбалах. Без сумневу, гэта самыя захопленыя людзі праекту "Захапленні"! Самыя цікавыя моманты сустрэчы Насты і Алеся – у нашым відэаматэрыяле. Наста: Як я марыла пра тое, каб пазнаёміцца з вамі, убачыць, ці праўда тое, што пра вас расказваюць! Вельмі радая сустрэчы! Як вы жывяце тут адзін? Алесь: Паціху, вось у гэтым сезоне ўжо дакладна хату скончу… Наста: Вы і сапраўды агратурызмам заняліся? Я ведала, што вы тут у лесе адзін, рэстаўруеце, а пра агратурызм толькі цяпер, па дарозе да вас, дазналася. Гэта праўда? Алесь: Так, да мяне прыязджаюць на майстар-класы, на экскурсіі - я не такі ўжо пустэльнік! (смяецца.) Ну, праходзь! Вельмі рады табе! Хутка будзем гарбату піць! Наста: Цяпер усе кудысьці з’язджаюць: вось і вы за горад ад цывілізацыі ўцяклі. Вакол гавораць, што трэба ехаць у іншыя краіны, дзе жыць лепш і перспектыўней. Нават таксіст сёння з раніцы расказваў мне, як яму складана выжываць у Беларусі, што збіраецца пераязджаць у Адэсу. Задумалася і я, ці вярнуся на Радзіму (я цяпер вучуся і жыву ў Польшчы). Мае сябры кажуць, што калі я прыязджаю сюды, то паводжу сябе неяк больш упэўнена. Нават і не ведаю, адкуль гэтая ўпэўненасць бярэцца: тут усё так няпэўна… Алесь: Думаю, упэўненасці надае адчуванне роднай зямлі, радзімы. Бо яно як… можна высекчы ўсе векавыя дрэвы, зруйнаваць помнікі архітэктуры (як зрабілі з Мірам і Нясвіжам), можна паставіць народ на калені - усё гэта балюча і непрыемна. Але з намі заўсёды будзе сіла радзімы, гэтага ў нас не адабраць. А тое, што ўцякаюць, дык гэта пытанне прыярытэтаў. У 2002 годзе пасля працяглага жыцця ў Польшчы я вярнуўся сюды з ясным разуменнем таго, што я хачу рабіць. Але нядаўна зноў быў там з канцэртамі і пачуў ад сяброў, маўляў, рана ты, Алесь, паехаў, тут такія гранты ў Польшчу пайшлі, з усёй Еўропы!.. Тое, што зачароўвае іх, для мяне не надта важна. Наста: Усё гэта так: мы ідзем дарогай, якую самі выбіраем. І тыя, хто з’язджае за мяжу, таксама. Але ці не здраджваем мы? Вось я з’ехала ў Польшчу, каб вучыцца, шчыра кажучы: там ёсць усе ўмовы для гэтага, там нескладана знайсці асяроддзе, якое цікавілі б тыя ж самыя рэчы, што і мяне, там хочацца развівацца і займацца тым, што падабаецца. У Беларусі я часта чую, што займацца любімай справай нявыгадна, а музыкі тут зусім без капейкі сядзяць. Дык вось ці не здраджваю я, з’язджаючы ў Польшчу? Алесь: Ні ў якім разе! Трэба ездзіць, падарожнічаць, шукаць, даследаваць. І сябе шукаць у тым ліку. Я сам 10 гадоў жыў і працаваў у Польшчы, потым былі Германія і ЗША. І толькі вярнуўшыся з Амерыкі, я зразумеў, што мой дом тут. І адразу пасяліўся, на хутары "Барок", які, дарэчы, купіў калісьці даўно, нават не ўяўляючы, што буду тут пастаянна жыць. А вось глядзіце: вярнуўся пасля столькіх падарожжаў. Наста: Я цяпер думаю, што толькі ў сваёй краіне ты можаш быць сваім, бо там ты чужы: і знаходзячыся там, усё складаней адчуваць гэтае "сваё". Акрамя таго, мы жывем у час, калі амаль адсутнічае такое паняцце, як "патрыёт". Людзі едуць у розныя краіны і завуцца "людзьмі свету". То бок сёння няма ў людзей прывязанасці да аднаго места: мая маці нарадзілася ў Сібіры, я - у Казахстане, а радзіма мая - Беларусь… Алесь: Я адкажу з эгацэнтрычнага пункту гледжання: нашыя продкі, карані, якія тут, у зямлі - гэта прах нашых дзядоў і прадзедаў, і з часам пачынаеш адчуваць, што ты тут патрэбен. Гэта як стрыжань, які трымае цябе паміж небам і зямлёй: на чужой зямлі ў мяне і неба няма, і грунт з-пад ног сыходзіць. Наста: У Польшчы я часта чую просьбы расказаць пра беларускую музыку, і мне здаецца, што на дадзены момант гэта і ёсць мая місія: расказваць, паказваць, граць там канцэрты, прадстаўляць Беларусь - гэта місія ўсіх, хто жыве за яе межамі. Наста: Калі я вучылася ў Мінску, то асабіста не задумвалася над такімі тэмамі, як, напрыклад, разнастайнасць тэхнік ігры на цымбалах. Затое цяпер цікаўлюся вельмі актыўна. Рэч у тым, што калі я пачала жыць у Польшчы, мне ўвесь час задавалі пытанні пра беларускую культуру, музыку, і ў нейкі момант я ўсвядоміла, што зусім нічога не ведаю пра гэта. Так я пачала пошукі. А інфармацыі насамрэч не так шмат: няма ні кніжак, ні часопісаў, якія маглі б даць інфармацыю пра гісторыю беларускай музыкі - ніякай навуковай базы. Гэта ж мінімальнае, на чым трымаецца прэзентацыя краіны ў замежжы! Спадар Алесь, чаму так мала матэрыялаў выдадзена? Канкрэтна вашых матэрыялаў: вам, упэўненая, ёсць што расказаць! Алесь: У мяне шмат матэрыялаў, на добрую кніжку будзе. Але на тое, каб друкавацца, трэба час і грошы. У мяне грошы ідуць на хату, як бачыш. А напрацовак шмат! З канферэнцый па дудах і лірах колькі! Наста: Нейкія артыкулы з’яўляюцца, але дастаць іх вельмі цяжка, і так шкада, што вашых сярод іх няма. Алесь: У мяне паплечнікаў сур’ёзных няма, каб нешта разам рабіць: кнігу, напрыклад, відэакурсы… А па-другое, неяк выжываць трэба. Няма ў мяне на друк цяпер грошай. Наста: Цяпер наогул складаны час - і для культуры, і для мовы. Беларусы неяк саромеюцца сваёй мовы, што прынамсі дзіўна! Украінцы могуць гаварыць на сваёй мове, а нам сорамна, людзям гэта здаецца ненатуральным альбо смешным. Нічога смешнага тут няма, наадварот, сумная сітуацыя. А людзі павінныя ведаць сваю мову, я так лічу. Алесь: Паглядзіце: украінцы зрабілі са сваёй мовы знак і стыль - гурт "Воплі Відаплясава" слухаюць і ў Расіі, і ў Беларусі, і, напэўна, за мяжой таксама. А ў нашых музыкаў пакуль што не атрымліваецца падняць беларускую мову на такі ўзровень. Кірчук вось спрабуе, ён стараецца агучыць стыль праз мову, але ў яго гэта выходзіць у нейкай гратэскнай форме. І яны гаварылі яшчэ вельмі доўга: пра капэлу і этнаграфічныя экспедыцыі, пра інтэлігентнасць і адукаванасць, пра сучасную беларускую фолк-музыку. Пра цымбалы, адкуль яны з’явіліся ў Беларусі, як сталі "нацыянальным інструментам", пра разнастайныя тэхнікі грання на цымбалах. А потым, вядома ж, гралі на старадаўніх інструментах.(Самыя цікавыя моманты сустрэчы Насты і Алеся - у нашым відэаматэрыяле.) Яны нават развітваліся вельмі доўга… Наста: Старэйшыя - гэта перадусім далягляд, які для цябе яшчэ недасягальны. Таму размовы са старэйшымі - гэта магчымасць зазірнуць не толькі ў мінулае, але і ў будучыню. Дзякуй вам! Алесь: І табе дзякуй! Абавязкова прыязджай яшчэ! Вялікі дзякуй Алесю Ласю за ўсё, што ён робіць для беларускай культуры, і, вядома ж, за гасціннасць. Някрасава - беларуская вакалістка. Скончыла музычную школу па класе цымбалаў. У 2007 годзе атрымала дыплом Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі ў класе Алеся Рашчынскага па спецыяльнасці “дырыжыраванне. Народны хор”. У тым самым годзе пачала вучыцца ў БДПУ імя М. Танка на факультэце народнай культуры. У 2009 годзе паступіла ў Варшаўскі ўніверсітэт у Інстытут музыкалогіі, дзе піша дыпломную працу. Наста Някрасава - адна з першых беларускіх вакалістак, якія выйшлі з традыцыйнымі беларускімі песнямі a capellа на прафесійную сцэну. У 2006 годзе разам з гуртом NHS заняла першае месца на фестывалі “Mikołajki folkowе" (Польшча), з якім у 2008 годзе выдала альбом “700”. У 2008 годзе выступала з гуртом, названым яе ўласным імем, на розных міжнародных фестывалях, сярод якіх — “VII Podlasie Jazz Festival”, “Be Free”, “Z wiejskiego podwórza”, здабыўшы ўзнагароду 1-й ступені на фестывалі “Sounds of Borderland” (Польшча). У 2008-м разам са студэнтамі факультэта народнай культуры Наста заснавала гурт рэканструкцыі беларускіх традыцыйных песняў “Квецень”. Пасля ад’езду Насты на навучанне ў Варшаву гурт “Квецень” працягвае сваю дзейнасць. Наста Някрасава — удзельніца праекту Змітра Вайцюшкевіча “Мой сябра анёлак” (2010), арганізатар беларускіх імпрэзаў у Польшчы. Яна праводзіць майстар-класы па спеве, ездзіць збіраць фальклор на роднае Палессе і польскае Падляшша. Галоўны праект спявачкі — гурт FolkRoll, створаны разам з гітарыстам і кампазітарам Паўлам Рыжковым. У 2009 годзе гурт атрымаў Гран-пры і спецыяльную ўзнагароду імя Чэслава Немена на XII Фальклорным фестывалі Польскага радыё "Nowa Tradycja". У ліпені 2011 года выйшаў альбом гурта “FolkRoll і Nasta Niakrasava” пад назвай "Vir", выдадзены пры дапамозе Польскага радыё. У 2011 годзе спявачка пачынае супрацоўніцтва з польскім фолк-панкавым гуртом R.U.T.A., рыхтуючы праграму “R.U.T.A. на Усход”. У красавіку 2012 года яны сумесна запісваюць альбом, выхад якога плануецца на чэрвень. Алесь Лось нарадзіўся 13 верасня 1958 . У 1973—1977 гг. вучыўся ў мастацкай вучэльні імя Глебава ў Мінску. З 1977 — студэнт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Пачаў цікавіцца археалогіяй і этнаграфіяй, у 1977—1980 гг. браў удзел як мастак у даследаванні гарадзішча Мацкавічы пад кіраўніцтвам археолага Л. Дучыц. У 1978—1979 гг. браў удзел у рэстаўрацыі фрэсак Мсціслаўскага касцёла кармелітаў пад кіраўніцтвам рэстаўратара У. Ракіцкага. З 1982 г. разам з Яўгеніяй Ліс пачаў займацца рэканструкцыяй старажытнага лялькавага батлеечнага тэатра. Багата ездзіў у этнаграфічныя экспедыцыі, вывучаючы народныя тэхнікі ігры на скрыпцы, цымбалах, бубне, жалейцы, натаваў народныя танцы. Пачаў збіраць матэрыялы па беларускай дудзе і рабіць першыя крокі па стварэнні гэтага інструмента.
|
Категория: Новости |
Просмотров: 600 |
Добавил: werty
| Рейтинг: 0.0/0 |
|
|
Поиск |
|
|
Календарь |
|
|
Архив записей |
|
|
|